Малоритское благочиние

Навіны благачынія

Пад пакровам Прасвятой Багародзіцы

У Маларыцкім раёне па благаславенні архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана стала ўжо добрай традыцыяй правядзенне хрэснага ходу да свята Лукаўскай іконы Божай Маці. Дзе яго вытокі? Звернемся да гісторыі.

Вытокі

Згодна з паданнем, аднойчы над возерам і вёскай узнялася моцная бура. Яна пагражала жыццю мясцовага насельніцтва. Хвалі разбурылі капліцу, ля якой хаваліся жыхары Лукава. І тады людзі ўбачылі, як з развалін выйшла Багародзіца і прамовіла: “Усе, хто верыць у Бога, ідзіце за мной. Я выведу вас адгэтуль”. Затым яна накіравалася ў хвалі, што бушавалі, і пайшла па вадзе, якая даходзіла ёй толькі да каленяў. І калі людзі кінуліся ўслед, то здарыўся цуд: яны таксама ішлі па калена ў вадзе. Так жыхары Лукава і прайшлі праз возера. Праўда, выратаваліся не ўсе, бо некаторых паглынула раз’юшаная стыхія. Жывымі засталіся толькі тыя, хто моцна верыў і спадзяваўся на выратаванне Царыцы Нябеснай. Багародзіца пакінула свой след на камені і паведаміла, што яе завуць “Утоли мои печали”. У знак памяці пра цудоўнае выратаванне людзі купілі аднайменную ікону. А на месцы разбуранай капліцы ўзвялі храм, дзе і размясцілі ікону, а таксама камень з адбіткам ступні Багародзіцы…

Падчас эпідэміі на Украіне ў 1850г., калі выміралі цэлыя вёскі, адной набожнай жанчыне з Валынскай губерні ў сонным бачанні з’явілася Божая Маці і загадала ісці ў Лукава да святой яе іконы, каб там, у храме, адслужыць малебен аб здароўі. Пасля таго, як загад Божай Маці быў выкананы, эпідэмія спынілася.

Сучаснасць

У 1961г. па рашэнні абласнога савета ў Маларыцкім раёне была знята з рэгістрацыі Лукаўская прыходская абшчына. Адначасова з уліку дзеючых знялі і Лукаўскую царкву ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. У гэтым жа годзе царква ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы была разабрана. Камень прыхаджане схавалі. Яго надзейна закапалі ў зямлю. Цяпер жа камень зноў вернуты ў храм і да яго можна прыкладвацца. А вось цуда­творны Лукаўскі абраз Божай Маці знік бясследна.

У 1992г. у Лукаве была пабудавана цагляная царква на новым месцы, таму што прыроднае возера было пераўтворана ў вадасховішча, і блізкія да паверхні грунтовыя воды сталі істотнай пера­шкодай для яго будаўніцтва. У 1999г. мастак з г.Кобрына напісаў новую ікону з’яўлення Божай Маці на Лукаўскім во­зера. Цяпер яна знаходзіцца ў вясковым храме на цэнтральным аналоі.

Хрэсны ход і свята

Ушанаванне Лукаўскай іконы Божай Маці не мае строга фіксаванай даты, але штогод свята Лукаўскай іконы Божай Маці адзначаецца ў пятніцу на дзясятым тыдні пасля Вялікадня. Апошні раз яно адбылося, па словах старажылаў, напрыканцы 50-ых гадоў мінулага стагоддзя. Адраджэнне агульнаблагачыннага пешага хрэснага ходу да Лукаўскага абраза Багародзіцы было пакладзена 18 чэрвеня 2015 года. Другі хрэсны ход праз вёскі Ляхаўцы, Макраны, Вужова ішоў 7 ліпеня 2016г., трэці – 22 чэрвеня 2017г., чацвёрты – сёлета, 14 чэрвеня. Агульная працягласць маршруту – больш за 25 кіламетраў. Але нягледзячы на гэтую адлегласць, у ім традыцыйна бярэ ўдзел больш за сто чалавек ва ўзросце ад 6 да 85 гадоў. Не стаў выключэннем і сёлетні год.

14 чэрвеня, у 9.30, пасля сумеснай малітвы, акраплення святой вадой і благаславення протаіерэя Віктара Паляцілы, благачыннага цэркваў Маларыцкай акругі, вернікі з запрастольным крыжом і іконай Божай Маці “Спорительница хлебов” ад храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы (г.Маларыта) пачалі хрэсны ход. Сёлета яго ўзначаліў протаіерэй Анатоль Дударчук, настаяцель прыхода ў гонар святой вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы в.Арэхава. Большасць удзельнікаў хрэснага ходу – гэта жыхары райцэнтра, Хаціслава, Макран, Вялікарыты, Брэста, Івацэвіч, Кобрына, Мінска, Мазыра, а таксама – з Украіны. У ім прымалі ўдзел і прадстаўнікі маладзёжных брацтваў з Маларыты, Кобрына, Каменца, Жабінкі. Жывая плынь людзей, як вялікі духоўны ручай, працягнулася на некалькі дзясяткаў метраў.

У 11.30 хрэсны ход ужо быў ля храма ў гонар Нараджэння Божай Маці в.Ляхаўцы (1713). Пад царкоўны звон паломнікаў сустракалі мясцовыя жыхары і настаяцель храма протаіерэй Віталь Равінскі. Пасля непрацяглага адпачынку і малітвы хрэсны ход накіроўваецца ў Макраны, а затым – у Вужова. Некаторыя мясцовыя жыхары гэтых населеных пунктаў таксама ахвотна далучаліся да хрэснага ходу. Гэтаму спрыяла і неспякотнае надвор’е.

–Я ў другі раз прымаю ўдзел у гэтым хрэсным ходзе, які дае магчымасць узаемнай малітвы, – гаворыць Ніна Джыга з Брэста. – Сюды мяне прывяла вера. Пра хрэсны ход не раз расказвала мая бабуля, якая таксама хадзіла ім на Дзясятуху з Маларыты ў Лукава. Нягледзячы на свой узрост, я не адчуваю стомы, бо на сэрцы светла, лёгка і радасна. Ён мае духоўны сэнс, дае магчымасць чалавеку папрацаваць дзеля Бога і задумацца аб сваім жыцці.

–Хрэсным ходам па ўласным жаданні з Маларыты ў Лукава іду ў чацвёрты раз, – гаворыць маларытчанка Настасся Галавей. – Сёлета – з сяброўкамі. Настрой у мяне такі, нібы спусцілася з нябёсаў.

– На прастольным свяце ў в.Лукава прысутнічаю ў трэці раз, – гаворыць Марыя Патапаўна з Жабінкі (прозвішча жанчына не назвала). – У мінулыя гады ў мяне таксама была цудоўная магчымасць пабываць тут. Яркіх успамінаў і незабыўных ўражанняў хапіла на год. Упэўнена, што духоўных сіл і фізічнага здароўя, каб прыехаць у чарговы раз у Лукава, дала Царыца Нябесная.

Па прыбыцці хрэснага ходу ў Лукава, пасля непрацяглага адпачынку, пачалося святочнае бдзенне, а пасля яго завяршэння – вадасвятны малебен. У 23.00 пачаўся хрэсны ход ад храма Лукаўскай іконы Божай Маці на паўвостраў Лукаўскага возера да храма з’яўлення Божай Маці. Апоўначы тут пачалася ранняя бажэственная літургія саборам духавенства. 15 чэрвеня ў храме Лукаўскай іконы Божай Маці была адслужана позняя бажэственная літургія таксама саборам духавенства і адбыўся яшчэ адзін хрэсны ход да храма на паўвостраў. У гэты ж дзень пасля абеду адбылася сустрэча святароў з прадстаўнікамі маладзёжных брацтваў, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях у гонар Лукаўскай іконы Божай Маці.

На здымках: падчас ушанавання іконы Божай Маці “Лукаўская”.

Аўтар: Мікалай НАВУМЧЫК.

Каментары

Ваш каментар

* Ваш каментар будзе даступны для рэдагавання на працягу 10 Хвілін

Імя:

Введите код с картинки:

Contact Info

Put your e-mail, skype, phone numbers or any other contact information here so that your visitors could easily get in touch with you.